статьи о дизайне и архитектуре
Побач з намі маленькімі прывабнымі астраўкамі яшчэ жыве зусім іншае, адметнае ад нашага архітэктурнае асяроддзе. Амаль па ўсёй краіне раскіданы старыя пабудовы ці іх рэшткі, вакол якіх шумяць дрэвы старадаўніх паркаў. Усё нагадвае аб тым, што калісьці тут існавала своесаблівая матэрыяльная і духоўная культура, і мела яна назву шляхецкай.
Вядома, што ў кожны гістарычны час у той ці іншай краіне існаваў клас нобіляў – верхні пласт грамадства, які мае грошы, уладу, прывілеі. Быў такі пласт і на беларускіх землях, яго росквіт прыпаў на XVIII–XIX стагоддзі. А побач з магнатамі славу сваёй зямлі здабывалі тыя, хто ганараваў сябе імем “шляхта”.
Беларуская шляхта не заўсёды была багатай, заможнай, не заўсёды “гербавай” (г. зн. мела герб), але ўсё ж менавіта яна стварыла тут свой асаблівы свет, які дасюль уплывае і на наш час.
Маёнтак, сядзіба, а таксама радавітасць – вось што перш за ўсё адрознівала шляхціца ад звычайнага селяніна, хаця маёмасць магла быць зусім невялічкай, а часам дробны шляхціц наогул арандаваў маёнтак у багатага магната.
Аднак усё ж такі сімвал шляхціца – яго дом, які захоўваў памяць, традыцыі, дух ягоных продкаў. Пераважна гэта была невялічкая аднапавярховая пабудова, што выглядам сваім нагадвала сялянскія хаты: сцены драўляныя, а дах крыты гонтам. Шляхціц, аднак, імкнуўся зрабіць яе “маленькім палацам”, таму ў архітэктуры дома з’яўляліся калоны і франтоны, звычайна пры ўваходзе. У некаторых сцены былі атынкаваны альбо нават абмураваны, узнікаў другі паверх ці мезанін. У іх перапляталіся рысы класіцызму і барока, бо толькі вельмі заможны шляхціц мог запрасіць архітэктара з Італіі ці Германіі, а мясцовы, “тутэйшы”, проста будаваў дом, каб было прыгожа, не сорамна перад суседзямі, і не імкнуўся да чысціні стылю. Усё ж сядзібы атрымліваліся сціплымі, утульнымі і вабнымі.
Унутры яны ўяўлялі сабою як бы злепак з бытавога жыцця ўладальніка. Тут прысутнічалі і стыльная мэбля, і абіўка сцен штофам, і шмат прадметаў мастацтва – карцін, скульптур, шкла і бронзы. Нярэдка ў шляхецкіх сядзібах меліся ўласныя бібліятэкі і родавыя архівы. Сцены ўпрыгожваліся роспісамі, разьбой па гіпсу ці дрэву, тут часта гучала музыка і ладзіліся вечарыны.
Недалёка ад сядзібнага дома знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: лядоўні, хлявы, стайні, свірны і г.д. Побач месціліся флігелі (афіцыны) для гасцей ці прыслугі. Але жыццё, і шляхецкае таксама, вымагала значных высілкаў. За прыстойнае жыццё неабходна было змагацца, таму ля сядзібаў узнікалі першыя парасткі прадпрымальніцтва – аб’екты прамысловасці: млыны, бровары, лесапільні.
Шляхта заўсёды імкнулася, каб іх асяроддзе было ўтульным і разам з тым рамантычным, таму вакол сядзібаў разбіваліся цудоўныя сады і паркі. І ўсё ж галоўным з’яўлялася тое, што шляхта была не толькі спажывальніцай, але сама стварала матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці. У сядзібах праводзiлася адукацыйная праца, тут пісаліся вершы, жывапісныя палотны, музыка. Разважалі пра жыццё, вялi барацьбу за сваю айчыну. Менавіта са шляхецкіх родаў выйшлі славутыя беларускія вучоныя, мастакі, пісьменнікі.
На жаль, няшмат засталося з больш чым 1000 шляхецкіх гнёздаў на Беларусі, але і зараз яшчэ яны вабяць нашае вока, чаруюць сваёй прыгажосцю, нагадваюць аб жыцці, якое ўжо ніколі не вернецца…
Фотаздымкі зроблены ў старых сядзібах Блонь Пухавіцкага, Раванічы Чэрвеньскага і Яўхімаўшчына Маладзечанскага раёнаў.